З гісторыі…

 

  Любая краіна моцная духоўна, калі яе жыхары  ведаюць сваю гісторыю.  А гісторыя складаецца з часцінак: з гісторыі горада, вёскі, звычаяў, гісторыі культуры. У нашым выпадку і з гісторыі школы. Зробім невялікі экскурс у мінулае.

   Вёска Голацк у параўнанні з іншымі населенымі пунктамі вельмі маладая. Першыя жыхары пасяліліся тут у 1882 годзе. Дата вельмі добра запамінаецца. У гэтым годзе на Беларусі нарадзіліся знакамітыя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас. Як Беларусь святкуе юбілеі нашых пісьменнікаў-волатаў, у той год юбілей і  Голацка. Першымі жыхарамі былі перасяленцы з вёсак Зазер’е, Лешніца, Рыбцоў, Узлян. Спачатку засяліліся Прохарчык Кірыл і Прохарчык Герасім з Зазеркі. Потым пераехалі сюды Ахрамовічы з Узлян. У вёсках, дзе яны жылі раней, не хапала зямлі. А на месцы, дзе  зараз знаходзіцца Голацк,  яна пуставала  .  Яе і прадаваў арандатар па загаду пана, які жыў у Польшчы і разарыўся. Сяляне куплялі надзелы зямлі ў растэрміноўку на 40 гадоў. Гэта была балоцістая мясціна з кустарнікамі.  Месца было голае, непрыгляднае. Вялікую тэрыторыю займала  забалочанае мелкаводнае возера. Яшчэ пры пане ў раёне  ляснога масіва, з народнай назвай Пухава, прарылі канаву і спусцілі ваду з гэтага возера ў бок балота, паміж Матарова і Хазянінкамі. Пры пане гэта тэрыторыя з даўніх часоў называлася “Іменіе Галец”. Адсюль і назва вёскі – Голацк.

Такой яна была…

  У адрозненне ад іншых вёсак Голацк рос вельмі хутка, і ні Першая, ні Другая сусветныя войны не змаглі астанавіць тут жыццё. Так  ужо праз 15 гадоў,  у 1897 годзе, у Голацку было 49 двароў і 270 жыхароў. На пачатак 20-га стагоддзя – 63 двары і 437 жыхароў. А паводле перапісу ў 1917 годзе – 64 двары , у якіх пражывала 466 жыхароў.

  Нягледзячы на тое што большасць сялян будаваліся. не хапала грошай. Яны добра разумелі, што іх дзеці павінны мець хаця б пачатковую адукацыю. І ў 1893 годзе пасля збору ўраджаю (гэта па ўспамінах адбылося ў лістападзе месяцы) больш заможныя сяляне на свае грошы і харч нанялі настаўніка і хату пад школу пісьменнасці, каб навучыць сваіх дзяцей грамаце. Хаты пад заняткі часта мянялі. Іншы раз займаліся па чарзе ў хатах, дзе жылі вучні. Дзеці насілі з сабой  і зэдлікі. Імя першага настаўніка не захавалася. Па адных звестках у 1904 годзе, па другіх у 1912 годзе афіцыйна было адкрыта аднакамплектнае народнае вучылішча. Настаўніцай працавала дачка святара Лісоўская, потым настаўнічаў Філановіч. У школе вывучалі закон Божы, вучылі чытаць, пісаць, лічыць. У 1914 годзе  збудавалі будынак земскай школы.

 

Будавалі з ахвотай і вельмі якасна. Загадчык ад земсва, па ўспамінах жыхароў, патрабаваў замены бервяна, якое, на яго погляд, было няякасным. Будаўнікі здымалі нанава некалькі вянкоў і падгонку пачыналі спачатку. Аб якасці работы  сведчыць і наступны факт:  у 1984 годзе школа перасялілася ў новы будынак, пакінуўшы стары. Старому будынку споўнілася на той момант роўна 70 гадоў. Дык вось там засталася ляжаць падлога з 1914 года, а таксама ні разу не замененыя рамы вокан. Уявіце, колькі за 70 гадоў па падлозе гэтай школы прайшло вучняў, ды не ў тапках , а ў асноўным у ботах.

Першы дырэктар

Пасля 1917 года школа пераўтворана ў пачатковую школу 1-й ступені, у якой у 1922 годзе займаліся 60 хлопчыкаў і дзяўчынак і працавалі два настаўнікі. Дзяцей вучыў настаўнік Пашэвіч, якога прыслалі ў Голацк з Ігумена (сёння гэта горад Чэрвень). У гады Вялікай Айчыннай вайны ён загінуў.

   З 1919 года  пачаў працаваць загадчыкам школы другі настаўнік – Куневіч Аляксандр Рыгоравіч. Ён фактычна стаў першым дырэктарам школы. Куневіч нарадзіўся ў 1884 годзе, па нацыянальнасці – беларус. Беспартыйны. У 1903 годзе закончыў настаўніцкую семінарыю. Ён вучыў не адно пакаленне жыхароў Голацка. Выкладаў у пачатковай школе ўсе прадметы, а калі школа стала сямігодкай, выкладаў беларускую мову.  У 1943 годзе Куневіч А.Р. за сувязь з партызанамі быў схоплены фашыстамі і кінуты ў Трасцянецкі канцлагер. Пажылыя людзі і сёння памятаюць гэтага добразычлівага і гуманнага чалавека.

20 жніўня 1924 года Голацк стаў цэнтрам сельсавета. Вёска стала будавацца яшчэ хутчэй. Дзяцей нараджалася больш. Менавіта па-гэтаму  ў 1939 годзе школа стала сямігадовай. Быў пабудаваны яшчэ адзін будынак. У сямігодцы да вайны, акрамя Куневіча, выкладалі рускую мову Хмялеўская Марыя Рыгораўна, матэматыку – Крайко Груня Каленікаўна, гісторыю – Сачок Пётр Іванавіч. У школе працавалі яшчэ Лявіцкая Васіліса, Крайко Канстанцін Рыгоравіч і Шлапак Уладзімір Мікалаевіч. Усяго  сем настаўнікаў, з іх чатыры -камсамольцы. Усе маладыя, акрамя Куневіча. Крайко Канстанціну і Шлапаку Уладзіміру наогул было толькі па 17 гадоў, яны на той момант скончылі 3-х месячныя  педкурсы. А Сачок Пётр Іванавіч, якому ў 1940 годзе споўнілася 22 гады, наогул быў гідрамеліяратарам. Ён скончыў Мінскі палітэхнікум.

    У 1 – 4-х класах у 1940-1941 навучальным годзе займаліся 157 вучняў, з іх 65 піянераў і 54 акцябраты.

Паслеваенныя гады

У пасляваенныя гады школа была адноўлена, дабудаваны школьная майстэрня і сталовая. Заняткі пачаліся адразу пасля вызвалення Голацка ад фашыстаў - з 1944 года. Не хапала падручнікаў, сшыткаў, алоўкаў. Не было мэблі. Школьныя сталы і лавы рабілі вучні разам з настаўнікам Лісіенкам Андрэем Піліпавічам., які прыйшоў з фронту і ўладкаваўся на працу ў школу.  Ён зрабіў шмат не толькі для школы, але і для калгаса, з’яўляўся ініцыятарам  і самым актыўным удзельнікам будаўніцтва сучаснага Голацкага клуба.  Лісіенка пражыў доўгае жыццё  і памёр у 2008 годзе. Яго жонка да сённяшняга дня беражэ хусцінку, якую дала Андрэю Піліпавічу пры адпраўцы яго на фронт. На гэтай хусцінцы ён усю вайну адзначаў свой ваенны шлях, сваеасаблівую асабістую ваенную карту. Нашы вучні пры наведванні сям’і Лісіенка  кожны раз з цікавасцю разглядалі гэту ўнікальную рэч.
 

  Першым пасляваенным дырэктарам быў удзельнік вайны, інвалід вайны (згубіў руку на фронце) Анціповіч. У  1948 годзе яго перавялі ў другую школу па рашэнню Рудзенскага  РАНА і назначылі  дырэктарам Мазоўка Міхаіла Паўлавіча, які пры Анціповічу працаваў завучам.  Каля школы быў пасаджаны сад, вырошчвалі гародніну і кветкі. У 1954 годзе Мазоўка пераехаў у іншае месца жыхарства, памёр ва ўзросце 90 гадоў у 2003 годзе.

Першы пасляваенны выпуск 1945 года складаў 15 вучняў чацвёртага класа і 9 вучняў 7-га класа. Пасля вайны змяніўся склад настаўнікаў. Працаваць у школу прыйшло шмат моладзі. Сярод іх - Прохарчык Уладзімір Герасімавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, гвардыі капітан, вызваляў спаленую вёску Хатынь;  Лявіцкі Анатоль Мартынавіч, удзельнік фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў, удзельнік абароны Ленінграда, браў Берлін і распісаўся на сценах Рэйхстага. Працавалі Хмялеўская Марыя Рыгораўна, Гвардзіян Валянціна Іванаўна, Сонца Алена Дзмітрыеўна, Кукарэка Зінаіда  Мікалаеўна, Баркун Марыя Іванаўна,  Ермалінская  В.Ф.

Васьмігодка

У 1962 годзе школа стала васьмігадовай. Жыццё ішло наперад. Будынкі школы пастарэлі, сталі няўтульнымі. З 1977 па 1981 год дырэктарам васьмігадовай школы працаваў Бранавіцкі Мікалай Антонавіч, Ён шмат зрабіў, каб захаваць уют і цяпло ў сценах старой школы. Пры Мікалаю Антонавічу у  васьмігодцы была арганізавана сапраўдная школа перадачы перадавога педагагічнага вопыту старэйшым пакаленнем настаўнікаў пачынаючай працаваць у школе  моладзі. Мікалай Антонавіч першы зрабіў спробу данесці да ўлад прапанову аб будаўніцтве ў Голацку новай школы.

Мару аб новай школе жыхарам вёскі дапамог здейсніць  на той момант старшыня  калгаса Супрун Фёдар Уладзіміравіч. Ён змог  даказаць уладам, што  Голацк развіваецца і забудоўваецца вельмі хутка. Сюды  прыязжае моладзь, павялічылася нараджальнасць і старая школа не адпавядае  ніякім санітарна-тэхнічным патрабаванням.

1-га верасня 1984  года  ў вёсцы расчыніла дзверы новая двухпавярховая белакаменная школа. Будаваў яе са сваёй брыгадай Хараменда Леанід Іванавіч. Школа была разлічана на 392 месцы, у ёй 14 класаў-кабінетаў, спартыўная зала, камбінаваная майстэрня, актавая зала, бібліятэка, сталовая. Пры школе – спартыўны комплекс, прышкольна-вопытны ўчастак. Кабінеты абсталяваны тэхнічнымі сродкамі навучання, усе гады працуе група падоўжанага дня.